Unlimited AE and Premiere Pro templates, videos & more! Unlimited asset downloads! From $16.50/m
Advertisement
  1. Photo & Video
  2. Photo Editing
Photography

Як ацэньваць і рэдагаваць свае фатаграфіі

by
Length:LongLanguages:
This post is part of a series called How to Teach Photography.
How to Read a Photograph
This post is part of a series called Photo Editing and Visual Sequencing.
How to Review, Edit, and Sequence Photos in Adobe Photoshop Lightroom
This post is part of a series called Street Photography.
Your Body Doesn't Lie: How to Use the Mind-Body Connection in Street Photography
Street Photography: How to See and Use Daylight Creatively

Belarusian (беларуская мова) translation by Olya Misuraghina (you can also view the original English article)

Сёння прасцей, чым калі-небудзь, навучыцца выкарыстоўваць камеру і рабіць фатаграфіі, але здолець зразумець, якія здымкі атрымаліся лепш за іншыя, усё гэтак жа няпроста. На самай справе, тое, што лічбавыя тэхналогіі дазваляюць рабіць адразу вялікую колькасць фатаграфій, усё толькі ўскладняе: куча лічбавых здымкаў можа вырасці да велізарных памераў, і значныя выявы ў ёй - як іголка ў стозе сена. 

Тым не менш, уменне знаходзіць сярод групы малюнкаў лепшыя здымкі і разумець, што іх звязвае, - гэта адзін з ключавых навыкаў, які адрознівае фатографаў ад аматараў. 

Шмат каму з нас складана разлічваць на сябе ў выбары лепшых здымкаў, а гэта трэба рабіць цярпліва, узважана і без прадузятасцяў. Нават самым загартаваным фатографам даводзіцца пазбаўляцца ад блокаў, з-за якіх ім цяжка ясна разгледзець свае фатаграфіі, бо двух аднолькавых здымкаў не існуе. А гэтыя людзі ведаюць, што чым лепш яны адрэдагуюць свае выявы, тым больш магутнымi і каштоўнымi будуць іх фатаграфіі. 

У нас, вулічных фатографаў, значная ступень матывацыі нараджаецца з асабістай страсці, таму так складана пазбавіцца ад суб'ектыўнага погляду, каб вызначыць, якія фатаграфіі мацней за іншыя. Каб зняць заслону загадкавасці з працэсу рэдагавання здымкаў, я паразмаўляла з фатографам і выкладчыкам Карэн Маршал, кіраўніком семінара па дакументальнай фатаграфіі і фотажурналістыцы ў Міжнародным цэнтры фатаграфіі ў Нью-Ёрку, якая кажа, што «навучыцца бачыць свае выявы аб'ектыўна - гэта сіла, якую можна развіць гэтак жа, як і любую іншую». 

Пастаўце сабе мэту 

Маршал, якая ўжо больш за дваццаць гадоў спецыялізуецца на развіцці асабістага бачання ў рэдагаванні фатаграфій, кажа, што спачатку трэба ўсталяваць сваю зыходную мэту, і што «гэта прывядзе вас да разумення агульнай сутнасці сваёй працы». Усталяваўшы свой матыў у самым пачатку, вы растлумачыце для сябе, што менавіта рухае вамі, гэта і стане вашым адпраўным пунктам.  «Ці хочаце вы сфатаграфаваць свой задні двор з-за прыемнага святла і структуры будынкаў, альбо людзей у лагеры для бежанцаў, вельмі важна падчас здымкі мець нейкую мэту, нейкае разуменне аб тым, на што вы глядзіце”. 

Змяніце свой намер пазней, калі вам трэба 

Важна ўсталяваць сваю першапачатковую мэту, але гэта не значыць, што вы павінныя трымацца за яе, калі яна больш не актуальная ці яе нельга дасягнуць. І пачаткоўцы, і вопытныя фатографы могуць спачатку мець «мноства чаканняў датычна свайго прадмета здымкі", - кажа Маршал, - "толькі каб у выніку прыйсці да чагосьцi цалкам іншага, і трэба разумець, што гэта нармальна".

«Напрыклад, вы збіраецеся фатаграфаваць людзей, якія беглі ад агню, але ў выніку ў вас не апынецца доступу да гэтых людзей, і вы вырашаеце здымаць фрагменты самога агню.  Але на мове фатаграфіі такія здымкі могуць здацца гледачу яшчэ глыбей, чым фатаграфіі саміх людзей. "Фатаграфія - гэта працэс," - сцвярджае Маршал, - "і каб заставацца верным яму, трэба давяраць вятрам, якія будуць весці вас.” 

Дазвольце сваім фатаграфіям размаўляць з вамі

У канцы здымкі паглядзіце на атрыманыя выявы, «абярыце свае «лепшыя» здымкі і дазвольце ім распавесцi вам, што вы ўбачылі», - кажа Маршал.  «Паспрабуйце адысці ад сваёй першапачатковай ідэі аб тым, што вы хацелі ўбачыць, і дазвольце сабе знайсці тыя фатаграфіі, якія вам здадуцца лепшымі.  Як толькі вы іх знойдзеце, яны распавядуць вам, што рабіць. І гэты момант амаль падобны на пастаноўку новай мэты». 

Маршал прыводзіць прыклад, як калі хтосьцi, каму цікавая архітэктура, збіраецца фатаграфаваць будынак, але ў выніку вылучаюцца тыя выявы, якія «больш паказваюць прыгожую гульню святла з геаметрыяй будынкаў», - кажа яна.  «Калі фатограф бачыць гэта, ён сапраўды пераасэнсоўвае тое, што робіць. Так ён на адзін крок бліжэй да таго, каб стварыць выразную працу». 

Працягвайце развіваць свае адносіны з фотаздымкамі 

Гэта як размова паміж фатографамі і іх фотаздымкамі, дзякуючы якой яны могуць якасна рэдагаваць свае працы, таму што з цягам часу развіваюць і ўдасканальваюць свае адносіны з фатаграфіяй: яны робяць здымкі, фатаграфіі адказваюць, фатографы слухаюць, потым робяць больш здымкаў, а затым атрыманыя здымкі зноў рэагуюць, і гэтак далей.

І, як гэта часта бывае ў адносінах, выйграюць тыя, хто ўмеюць добра слухаць, таму што яны імкнуцца зразумець тое, што малюнкі паказваюць ім, замест таго каб патануць у сваiм уласным пункце гледжання. 

Карэн Маршал разглядае работы студэнтаў у Міжнародным цэнтры фатаграфіі. Фота © Лавон Хол | www.digital-lavonne.com 

Адкладзiце ў бок сваю папярэднюю гісторыю 

«Сіндром папярэдняй гісторыі», як называе яго Маршал, - гэта адно з самых вялікіх перашкод, з якім сутыкаюцца фатографы, якія спрабуюць аб'ектыўна глядзець на свае фатаграфіі і слухаць іх. «Каб ясна ўбачыць фатаграфію, трэба ўмець адысці ў бок, прыбраць сябе з працэсу здымкі.  Асабліва калі вы ўжо даўно фатаграфуеце, успаміны могуць быць настолькі моцнымі, што яны могуць азмрочыць ваш погляд на тое, што малююць фатаграфіі». 

Напрыклад, калі вы часта вельмі станоўча ўспрымаеце свае фатаграфіі, вы можаце памылкова прыняць цьмяны малюнак за цікавы.  І наадварот, у вас можа быць такі моцны негатыўны вопыт фатаграфавання, што вы не зможаце распазнаць выключныя фатаграфіі. «Фатаграфія - гэта візуальны сродак.  Фатографы павінныя думаць пра тое, што на самой справе паказвае фатаграфія. Таму вам трэба навучыцца праглядаць свае фатаграфіі, не звяртаючы ўвагі на кантэкст або асацыяцыі з выявамі». 

Глядзіце на свае фатаграфіі - памногу і на працягу часу

Каб ваш вопыт не перашкаджаў вам ацэньваць фатаграфіі, Маршал рэкамендуе глядзець на іх у розны час, каб шчыра зірнуць на тое, што ў іх ёсць. Калі казаць пра рэдагаванне, час прыносіць карысць: па сканчэнні часу мы забываемся пра тое, чаго чакалі ад сваіх малюнкаў у момант здымкі, і гэта дапамагае растлумачыць наша бачанне.

«Адзін са складнікаў добрага рэдактара - практыка. Гэта сіла, якую можна развіць: як танцоры ўмацоўваюць мышцы ў харэаграфіі, каб танцаваць не толькі тэхнічна правільна, але і выразна.  Тая колькасць часу, якую вы праводзіце, праглядаючы свае фатаграфіі і думаючы пра іх, падобня да трэніроўкi цягліц, якія дапамогуць канчаткова зразумець гэтыя здымкі». 

Будзьце цярплівыя, калі рэдагуеце 

Па словах Маршал, дзякуючы часу становіцца цішэй гэты прыкры голас няўпэўненасці і расчаравання, які так часта заглушае ўсё астатняе. Магчыма, вам будзе прыемна даведацца, што адчуваць сябе як падчас дзіка экстрэмальнай язды на амерыканскіх горках, ацэньваючы свае здымкі, нармальна.  Пачэсны партрэтны фатограф Грэгары Хейслер у сваёй кнізе Грэгары Хэйслер: 50 партрэтаў (якую я настойліва рэкамендую) піша: 

«Часта першы погляд на здымкі цалкам бянтэжыць. Яны амаль заўсёды выглядаюць няўдалымі. Колер няправільны. Экспазіцыя таксама. Або, часцей за ўсё, прадмет здымкі проста не варты ўвагі. Першае рэдагаванне ўсёй серыі здымкаў звычайна расчароўвае, таму што я бачу ўсе моманты і памылкі.  (У гэты час я моўчкі клянуся больш не займацца фатаграфіяй.) У другім раўндзе ўсё ідзе лепей; я ледзь апрацаваў фота, усе няўдалыя здымкі былі выдаленыя (але яшчэ не канчаткова, не), і здымкі выглядаюць так, быццам іх яшчэ можна выратаваць.  У канцы трэцяга праходу усё выглядае даволі добра, і гэта проста пытанне выбару лепшай фатаграфіі з серыі. І да таго часу, калі я скончу, і ў мяне будуць свае «абраныя» фатаграфіі, мой аптымізм вернецца да мяне, і я змагу жыць, працягваючы займацца фатаграфіяй». 

Гэта словы таго, хто адздымаў больш за 70 партрэтаў для вокладак часопіса Time

Здымайце шмат, затым звужайце свой выбар 

Агляд здымкаў можа заводзіць у тупік, асабліва спачатку, таму Маршал раіць першапачаткова рабіць шмат здымкаў. «Спачатку я гляджу на ўсе свае здымкі - я проста гляджу.  А затым я вяртаюся і адзначаю кожную фатаграфію, якая выклікае маю цікавасць, у тым ліку тыя фатаграфіі, за якімі, магчыма, варта выдатная ідэя, але самі па сабе яны не ідэальныя.  Затым я гляджу на іх у трэці раз і пачынаю групаваць фатаграфіі, якія я пазначыла: групу C я магу цалкам выдаліць, таму што ведаю, што яны не атрымаліся; але ў мяне яшчэ ёсць групы A і B, якія я не падзяляю цалкам, я проста гляджу на іх». 

«Я стараюся з любоўю адносіцца да ўсіх сваіх фатаграфій, пакуль не знайду тыя, якія лепш за іншыя, але я таксама ведаю, як развітацца са здымкамі. Фотаздымак падобны да скульптуры, таму што вы проста адсякаеце кавалачкі каменя, пакуль не ўбачыце, што скульптура пачынае прымаць форму». 

Размяркоўвайце свае выявы па катэгорыях

Пасля адбору лепшых малюнкаў Маршал размяркоўвае добрыя фатаграфіі па файлах або катэгорыях, каб прааналізаваць іх. Напрыклад, першапачаткова вы мелі намер фатаграфаваць людзей, якія перасякаюць кут гарадскога блока.  Калі вы прыходзіце дадому, вы размяркоўваеце свае лепшыя здымкі па групах: у вас можа быць група здымкаў ног людзей, іншая група - жанчыны ў капелюшах, яшчэ адна - партрэты людзей, з якімі вы размаўлялі, спыняючы іх на вуліцы, і г.д.  Кожны дзень, калі вы вяртаецеся назад і фатаграфуеце гэты гарадскI блок, вы працягваеце папаўняць свае групы фота, павольна нарошчваючы скрынкі або файлы з добрымі малюнкамі, кожны раз ухіляючы ўсе, акрамя самых лепшых. 

«Размяркоўваючы свае выявы па катэгорыях, вы можаце пачаць казаць пра тое, што вы робіце. Часам гэта агаляе сапраўдную сутнасць вашага праекта.  Часам гэта дапамагае лепш зразумець усю серыю, убачыць тое, што ўжо ёсць, і вызначыць, чаго не хапае.  Вы размяркоўваеце фота па групах толькі для таго, каб пагаварыць з самім сабой і лепш зразумець, як трэба фатаграфаваць.  Пазней вы можаце абраць лепшыя здымкі з кожнай катэгорыі, і ўбачыце выразную сувязь паміж імі». 

Фатограф Брытані Бэйярздорф разглядае здымкі з сваёй маментальнай камеры Diana. Фота Эмі Тушэт 

Атрымлівайце водгукі 

«Каб зразумець свае здымкі, важна атрымліваць водгукі ад іншых», - кажа Маршал. - «Але пераканайцеся, што да гэтага вы не распавялі людзям усе падрабязнасці здымкі.  Загадзя «заражаючы» людзей сваім асабістым меркаваннем або папярэдняй гісторыяй, вы можаце страціць аб'ектыўных назіральнікаў, якія вам патрэбныя. Свае намеры можна абмеркаваць з імі пазней", - сцвярджае Маршал, - "але не ў самым пачатку”. 

«Вы таксама павінныя памятаць пра тое, каму вы паказваеце свае фатаграфіі. Напрыклад, некаторыя любяць толькі прыгожыя карцінкі, і такія фота - гэта ўсё, што ім спадабаецца.  Іншыя вельмі любяць правілы і так жа глядзяць на рэчы, таму іх цікавяць толькі вельмі акуратныя, нескладаныя кампазіцыі, і яны не зразумеюць нешта іншае.  Так што вам патрэбныя розныя водгукі, і каб вы разумелі, ад каго яны зыходзяць». 

Аднак калі большасці падабаецца пэўны здымак, да якога вы былі абыякавыя ці нават не любілі, «вы павінныя паслухаць іх і спытаць сябе, чаму вы вагаліся. Хаця б проста захавайце яго, пакуль не вырашыце гэту неадпаведнасць», - кажа яна. 

Памятайце пра сваю мэту 

«Мы рэдагуем фатаграфіі з рознымі мэтамі: каб зразумець свае працы, для кліента, для сям'і», - кажа Маршал. - «Таму трэба памятаць пра гэта, калі вы абіраеце лепшыя здымкі». 

«Напрыклад, калі вы фатаграфуеце на вяселлі сябра, вы будзеце шукаць лепшыя фатаграфіі, якія распавядаюць пра вяселле: класічныя і асноўныя моманты гэтай падзеі, самыя эмацыйныя імгненнi. Але вы таксама можаце натыкнуцца на крыху дзіўныя або складаныя фатаграфіі, якія, магчыма, лепш захаваць для сябе і не ўключаць у асноўную здымку». Трэба заставацца гнуткім і непрадузятым, ацэньваючы здымкі, і памятаць пра мэту здымкі, каб зрабіць больш асэнсаваны і падыходны выбар.

Будзьце верныя сабе 

«Адносіны паміж вамі і вашымі фатаграфіямі могуць быць вельмі падобныя да адносінаў у сям'і ці з сябрамі», - кажа Маршал. - «Чалавек часта не ўпэўнены, ці варта працягваць з кімсьці адносіны ці спыніць іх. Можна шмат гадоў чакаць, што ваш партнёр стане іншым, і перажываць, што гэта не так і ён не дае вам тое, што трэба.  Але калі вы сапраўды прымаеце чалавека такім, які ён ёсць на самой справе, калі вы не думаеце "ён сава, і мне не лёс піць з ім кавы па раніцах", тады вы можаце проста атрымліваць асалоду ад часу разам днём і ўвечары, і не злавацца дарма на яго раніцай». 

«Тое ж самае з вашымі фатаграфіямі. Я магу захацець зрабіць пэўную фатаграфію, але калі ў мяне не атрымліваецца, калі я на гэта проста не здольная, калі я займаюся тым, што для мяне натуральна, замест таго каб спрабаваць быць кімсьці, кім я не з'яўляюся, тады я знаходжу свае асабістае бачанне.  Часам людзі так турбуюцца пра пошук свайго асабістага бачання, што яны самі сабе перашкаджаюць. Усё гэта ўзаемазвязана, і ў гэтым можа быць складанасць. Вы павінныя прыняць сябе і дазволіць фатаграфіям весці вас». 

Рэдагуйце фатаграфіі пасля, а не падчас здымкі 

Маршал раіць, працуючы з лічбавымі тэхналогіямі, аглядаць фатаграфіі пасля заканчэння, а не падчас здымкі. "Часам варта паглядзець на адну-дзве фатаграфіі, каб проста праверыць экспазіцыю, але я не раю выдаляць здымкі, таму што ваша меркаванне можа кардынальна змяніцца, калі вы перанясеце здымкі на кампутар.  Перш за ўсё, здымкі выглядаюць па-рознаму на экране кампутара і на маленькім экране камеры, і фатаграфія, якая спярша падалася няўдалай, можа апынуцца лепшай з серыі." Падчас здымкі акцэнтуйце сваю ўвагу менавіта на ёй, а фота вы прааналiзуеце пазней, калі ў вас будзе на гэта час. 

Развівайце візуальную пісьменнасць

І апошняе, але не па важнасці: вывучэнне сваіх здымкаў незаменна, каб навучыцца рэдагаванню. «Заняткі, сустрэчы з людзьмі, чытанне кніг і наведванне выстаў і г.д. - гэта ўсё спосабы распрацоўкі гэтай мышцы. Напрыклад, аналіз работ майстра-фатографа можа адкрыць вам вочы на ​​мноства формаў.  Вы маглі б сказаць: «Ух ты, гэты фатограф на працягу многіх гадоў рабіў выявы на пляжы з высокiм кантрастам, і, гледзячы на ​​іх усіх разам, бачыш нешта большае». Падобныя рэчы паказваюць разнастайнасць нюансаў, якія фарміруюць дынамічную, узгодненую працу, і дапамагаюць вам захоўваць свежы і непрадузяты погляд, калі вы ацэньваеце свае ўласныя фатаграфіі.

Высновы

«Рэдагаванне - гэта навык, неабходны фатографу, таму што гэта частка працэсу», - кажа Маршал. Добрае рэдагаванне праяўляе сутнасць фатаграфіі, якая не бачная ў самым пачатку.  У рэшце рэшт, каб фатаграфаваць, трэба давяраць працэсу: усё пачынаецца з вашага намеру, але пазней трэба пазбавіцца ад сваіх чаканняў, і таму рэдагаванне фатаграфій шмат у чым вучыць адпускаць. 

Карэн Маршал - кіраўнік семінара ў рамках праграмы дакументальнай фатаграфіі і фотажурналістыкі ў Міжнародным цэнтры фатаграфіі, дзе яна працуе на факультэце апошнія 20 гадоў. Яна дацэнт Нью-Йоркскага універсітэта і праводзіць семінары ў Кітаі, Еўропе, Лацінскай Амерыцы, а таксама анлайн.  Яе семантычнае даследаванне «Паміж дзяўчатамі: пераход да жаноцкасці» занатавала сталенне групы падлеткаў з сярэдняга класа, пачынаючы з сярэдняй школы, да часу праз 30 гадоў. Мультымедыйны праект будзе дэманстравацца 13 кастрычніка - 17 лістапада 2015 года ў каледжы Хэмпшыр ў Амхерсте, штат Масачусэтс.


Advertisement
Advertisement
Advertisement
Advertisement
Looking for something to help kick start your next project?
Envato Market has a range of items for sale to help get you started.