Advertisement
  1. Photo & Video
  2. Street
Photography

Кожны дзень здзіўляе: Пра ролю шанцу ў вулічнай фатаграфіі

by
Difficulty:BeginnerLength:MediumLanguages:
This post is part of a series called Street Photography.
Supporting Your Street Photography: How to Stay Focused and Productive

Belarusian (беларуская мова) translation by Olya Misuragina (you can also view the original English article)

Прадмет вулічнай фатаграфіі - рэальнае жыццё - па прыродзе сваёй непрадказальны. Калі вулічныя фатографы ствараюць захапляльную фатаграфію, гэта поспех або майстэрства?

Сёння фатаграфія - звычайная справа, але таямніцы вакол працы прызнаных фатографаў яшчэ захоўваюцца. Я памятаю, калі была маладой студэнткай фатаграфіі, на маім кантактным лісце было столькі непрыдатных фотаздымкаў, што, калі мне трапляўся добры, мне было цікава, наколькі ў гэтым была мая заслуга. Ці было гэта пальцам у неба, ці гэта ўзнагароджанне за столькі намаганняў, ці я развівала навык лавіць пэўныя імгненні і прадметы?

Гэта адна з самых важных дыскусій пра фатаграфію, гэта пытанне, якое хвалюе многіх людзей у гэтым асяроддзі, уключаючы грамадства аматараў мастацтва. Шанец - у сэрцы многіх цэнтральных пытанняў у фатаграфіі, уключаючы тое, якім чынам фотаздымак адлюстроўвае свет, як фатографы могуць утаймаваць гэты магутны непрадказальны сродак і як нарошчваць поспех.

Выкарыстоўваючы камеру, каб бачыць так, як не можа бачыць вока 

Камеры бачаць так, як не бачаць людзі. Для нас час пастаянна развіваецца: адна секунда перацякае ў іншую, працягваючы рухацца наперад. Але камеры запісваюць часцінкі часу і пераганяюць імгненні ў адзіночную нерухомую карцінку. Як проста сказаў Гары Вінагранд, занятак вулічнай фатаграфіяй - гэта спосаб "ўбачыць, як выглядае свет на фотаздымках".

Час і магчымасць - гэта муза вулічных фатографаў. Вы не можаце дакладна ведаць, што здарыцца ў наступныя 1/125 секунды, але калі вы вырашылі спусціць затвор, у вас было прадчуванне, што з наступнай часцінкі часу, сціснутай патрэбным чынам, можа атрымацца добрая фатаграфія. Калі мы робім фатаграфію, мы робім стаўку на будучыню на аснове нашых інстынктаў і нашага вопыту, і мы спадзяемся, што наша месцазнаходжанне і кут, глыбіня рэзкасці, вытрымка - шмат свядомых і несвядомых рашэнняў, якія прывялі нас сюды, дазваляючы бачыць нам тое, што мы бачым, - змогуць захаваць гэтую невядомую часцінку будучага часу.

Як сказала Дыяна Арбус, мы ходзім па вуліцах "ў стане гатоўнасці перайсці да чаго заўгодна". Гэта сутнасць пазіцыі вулічнага фатографа. Спосаб быць са светам, асаблівае пачуццё камфорту ў стане невядомасці, запрашэнне шанцу граць ролю ў працэсе фатаграфіі і ў нашым жыцці. Мы з нецярпеннем чакаем пераходу да наступнага імгнення, што б яно ў сябе ні ўключала.

Фатаграфія, якую мы ўяўляем за імгненне да таго як спусцім затвор, і фатаграфія на выхадзе ніколі не супадаюць. Камера можа захаваць цудоўныя дэталі. Яна можа запісаць больш глыбіні і шыраты ў сцэне, чым мы можам успрыняць. Яна можа замарозіць і размыць аб'екты ў руху (намякаючы на прыроду часу). Мы можам толькі ўявіць, чым стане фатаграфія: да таго, што мы зведалі і прадугадвалі ў гэтую хвіліну, заўсёды дадаецца нешта большае. У кожнай фатаграфіі - свой сусвет.

Магчыма, тут мы натыкнуліся на частковае, але ўсё ж дзіўнае апісанне творчага акту ў сэрцы сур'ёзнай фатаграфіі: нішто іншае, як вымярэнне і згортванне самой тканіны часу. - Пол Грэхэм

І ўсё ж, ёсць тыя, хто больш умела ўваходзіць у невядомае і выходзіць адтуль з фатаграфіяй з сэнсам. Відавочна, што гэтыя фатографы валодаюць глыбокімі ведамі і ўменнем працаваць са сваім абсталяваннем, яны прысвячаюць свой час фатаграфіі, але, калі іх прадмет непрадказальны, як гэтыя фатографы часцей, чым іншыя, аказваюцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час? Ці мае шанец або поспех стаўленне да гэтага, як часта здаецца гледачу, які не знаёмы з фатаграфічным працэсам?

Прымаючы неспасціжнае з радасцю 

Адказ - і так, і не. Але ў большасці выпадкаў - не. Вулічныя фатографы не могуць дакладна адчуць, што яны створаць: што будзе, па прыродзе сваёй неспасціжна. Яны не мастакі, якія робяць наўмысныя мазкі пэндзлем тут і там на палатне і цалкам кантралююць вынік. І ўсё ж, у вулічных фатографаў ёсць трохі улады над непрадказальнай будучыняй. У нас ёсць два важных спосабы паўплываць на добрыя фатаграфіі: мы можам распазнаваць узнікаючыя магчымасці і мы можам зразумець і выкарыстоўваць закон прычыны і следства.

Праспект Флашынг, мяжа Паўднёвага Вільямсбурга і Бэд-Стай, Бруклін, 2016г. Фотаздымак Эмі Тушэт 

Быць адкрытымі да таго, як будзе выглядаць магчымасць 

Калі б мяне папрасілі абагульніць, чым займаюцца вулічныя фатографы, я б сказала, што іх прафесія - інтуітыўна выкарыстоўваць магчымасці на сваім шляху. Удача не заўсёды прыходзіць з велізарным знакам "Ідзі за мной, я прывяду да чагосьці сапраўды вялікага". На самай справе, мне здаецца, метафарычныя знакі на поспеху кажуць зусім процілеглае.

Падумайце пра тое, як нешта сапраўды дрэннае ў вашым жыцці прывяло да чагосьці сапраўды добрага. Часта пра гэта кажуць: "няма ліха без дабра" - гэтыя падзеі не адбыліся б адна без адной. Успамінаючы гэта, мы больш не думаем пра так званую няўдачу і ў першую чаргу становімся ўдзячныя распачатаму ланцугу рэакцый.

Гэтая дынаміка таксама адбываецца і на вуліцы, хоць звычайна не ў такой надзвычайнай манеры. Напрыклад, калі вы паглядзіце праз відашукальнік, вы можаце падумаць: "Ого, гэтая фатаграфія была б такой прыгожай, калі б жанчына ў аранжавай сукенцы ўвайшла ў кадр". Неўзабаве пасля гэтага ў ваш кадр трапляе мужчына ў чырвоным касцюме. Гэта не тое, на што вы спадзяваліся, але, тым не менш, фатаграфія раптам аказваецца даволі прыгожай, і вы робіце здымак. Каму патрэбна дама ў аранжавым, калі з'явіўся мужчына ў чырвоным?

Магчымасці, або "ўдача", з'яўляюцца ў многіх розных формах і вобразах, і большасць з іх немагчыма прадказаць. Але мы можам выпрацаваць звычку быць адкрытымі да масак, у якіх з'яўляецца поспех, і гэта навык, які ёсць у паспяховых вулічных фатографаў (звычайна адточаны). Вось чаму, як я часта паўтараю ў гэтых артыкулах, фатаграфаваць - гэта атрымліваць урокі жыцця. Многія ўменні добрых вулічных фатографаў супадаюць з навыкамі, якія патрабуюцца для спакойнага і напоўненага жыцця. Адзін з самых значных - вучыцца аддавацца плыні, прымаць тое, што ляжыць перад вамі, і карыстацца дарамі, якія прапануе жыццё, а яны ёсць заўсёды.

Вулічны фотаздымак патрабуе, каб мы заставаліся жывымі, адкрытымі і поўнымі надзей на будучыню. Чым даўжэй мы практыкуем вулічную фатаграфію, тым больш упэўненымі мы становімся ў тым, што зможам убачыць і схапіць магчымасць, якая пастукаецца ў дзверы, нягледзячы на яе вобраз або форму.

Стварыце сваю ўласную ўдачу

Існуе фраза "вы самі ствараеце сабе поспех", і гэта несумненна прымяняецца да вулічнай фатаграфіі.

Вулічныя фатографы - не візіянеры, але яны вельмі добра адчуваюць і трымаюць вуха востра, і яны правялі шмат, шмат гадзін, ствараючы мастацтва ў руках непрадказальнай прыроды жыцця. У выніку яны назапасілі назіранне і вопыт, якія раскрываюць законы шаблонаў і паслядоўнасцяў. Адно з самых важных адкрыццяў - тое, што свет заснаваны на законе прычыны і следства.

Любы чалавек у курсе таго, што яго акружае ў фізічным і сацыяльным плане: гэта тое, як людзі арыентуюцца па свеце. У той жа час, вулічныя фатографы практыкуюць асаблівы від дасведчанасці. Калі вы фатаграфуеце адно і тое ж месца зноў і зноў, вы пачынаеце заўважаць патэрны. Магчыма, вы пачнеце заўважаць, як людзі аддаюць перавагу вызначаным месцам, напрыклад, нейкай лаўцы або верандзе. Ці вы пачнеце бачыць, што людзі звычайна ходзяць па ценявым баку вуліцы. У кожным раёне ёсць мітуслівы час дня, калі людзі спяшаюцца на працу ці вяртаюцца дадому з дзецьмі пасля школы. У кожным месцы ўзаемадзеянне сонечнага святла і асяроддзя змяняецца на працягу дня.

Калі вы правядзеце дастаткова часу ў адным месцы, вы зможаце інтуітыўна адчуць яго рытм. Калі вы так адчуеце шмат месцаў, вы пачнеце напрацоўваць вочы на больш шырокія рытмы: як людзі і асяроддзе, у якім яны жывуць, ўзаемадзейнічаюць і перацякаюць адно ў другое. Зрабіце гэта дастатковую колькасць разоў - і вы зможаце бачыць патэрны дзе заўгодна, нават калі канкрэтнае месца нова для вас. У прыкладзе вышэй, з гіпатэтычным акном і мужчынам у чырвоным касцюме, тое, што прымушае нас інтуітыўна заставацца ў гэтым месцы, пакуль не з'явіцца патрэбны кадр, - гэта камбінацыя нашай адкрытасці магчымасцям і шанцу і нашай дасведчанасці пра людскія патокі. Нейкае месца і час лепш для фатаграфіі, чым іншае, і вы зможаце навучыцца пазнаваць гэтыя "ўдалыя" месцы і трапляць у іх.

Ствараючы прычыны, якія выклікаюць следства

Тое, што мы застаемся адкрытымі да формаў, якія прымае ўдача, і назіраем за патокам у пэўным месцы, істотна дапамагае уменню арыентавацца і развівае ўсвядомленасць. Але тое, што па- сапраўднаму раскрывае нашы магчымасці рабіць цудоўныя фатаграфіі - гэта разуменне, што мы можам выклікаць следства на аснове прычын, якія мы ствараем у гэтым месцы.

Поспех - гэта слова, пазбаўленае сэнсу. Нішто не можа існаваць без прычыны. - Вальтэр

Напрыклад, ёсць штосьці, што можа павялічыць нашы шанцы зрабіць патрэбную фатаграфію, калі мы фатаграфуем на вуліцы. Дзейнічаючы шчыра, мы можам зрабіць так, каб людзі нам давяралі, пакуль мы іх фатаграфуем. Мы можам выкарыстоўваць пэўныя словы і ўвасабляць пэўныя эмоцыі, якія дапамагаюць людзям, якія не давяраюць адкрытай фатаграфіі, не супраціўляцца таму, што мы робім фота з імі без іх дазволу. Плаўна перасоўваючыся, мы можам без слоў дазволіць людзям расслабіцца, і мы можам пазбегнуць непажаданых наступстваў - падазронасці або боязі, - не робячы рэзкіх, непаслядоўных або палахлівых рухаў. І мы можам зрабіць выбар на карысць месцаў, дзе мы можам адчуць сябе сапраўднымі і захопленымі працэсам.

Пасылаючы сігналы: Закон прыцягнення 

Важна прызнаваць яшчэ некалькі загадкавых рухаючых сіл прычыны і следства. Напрыклад, калі ў нас дрэнны настрой, калі мы цынічныя або занадта надумлівыя, мы прыцягваем больш таго, што нас хвалюе. Магчыма, гэта ўсё, што мы бачым: мы настолькі заблыталіся ў сваім адмоўным вобразе мыслення, што бачым будучыню праз агідную заслону, якая падае на ўсё агулам. Магчыма, гэта з-за закона прыцягнення: мы нязменна пасылаем сігналы, якія адлюстроўваюць наш лад мыслення, і энергія вакол нас адказвае на гэтыя сігналы падобным чынам.

Калі мы хочам атрымаць больш кантролю над Дзікім Захадам, гэта значыць жыццём, мы павінны быць тым, што мы шукаем, а не тым, што мы так зневажаем. Змяненне звычак ніколі не было лёгкай справай, звычайна гэта патрабуе глыбокага, сумленнага погляду на тое, чаму мы ўгразлі ў розных думках, і энергіі чэмпіёна для таго, каб прысвяціць сябе новым спосабам.

Мы - гэта тое, што мы бачым. Гэтак жа, як і мы - гэта тое, што мы ямо. Таму калі мне трэба прааналізаваць і змяніць свой лад мыслення, я перш за ўсё вылічаю, што паглыналі мае вочы. Адзін выключна эфектыўны спосаб атрымаць больш кантролю - гэта ўважліва назіраць за сваім бачаннем, акружаючы сябе канструктыўнымі навінамі, людзьмі і становішчам і адгароджваючы сябе ад такіх навін, людзей і абстаноўкі, якія перашкаджаюць вашаму росту і магчымасці ўносіць пазітыўныя ўклады.

Падобныя прычыны, якія мы самі запускаем, магчыма, не хутка і не наўпрост адаб'юцца на следствах, якія нам патрэбныя, і, магчыма, не такім чынам, як мы хочам. Гэта як ездзіць верхам на кані: адпусьціўшы лейцы, мы адмаўляемся ад кантролю і, што самае небяспечнае, пачынаем думаць, што мы не ў адказе за тое, што з намі здарыцца.

Выснова

Тое, што адбываецца на вуліцы, непрадказальна. І гэта тое, што ў ёй любіць большасць вулічных фатографаў. Яны адчуваюць сябе камфортна, знаходзячыся ў невядомасці, і адданыя задачы захаваць яе - хутка зменлівую, поўную сюрпрызаў і дзікую па прыродзе. Каб павялічыць свае шанцы зрабіць захапляльныя фатаграфіі, вулічныя фатографы адпускаюць ланцужок, застаючыся адкрытымі да таго, што можа з'явіцца, і робячы абдуманыя крокі, каб выклікаць тое, што яны хочуць.

Вулічны фотаздымак заключаецца не толькі ў тым, каб пазначыць і захаваць паток. Ён цягне за сабой разуменне, што вы - частка патоку, і развівае здольнасць працаваць унутры яго, усведамляючы сігналы, якія вы пасылаеце, і адказваючы за наступствы, якія яны ствараюць.

Каб паслухаць, як я, у ліку іншых тэм, абмяркоўваю з вулічным фатографам Гасам Паўэлам ролю, якую грае шанец на вуліцы, паслухайце падкаст "Супрацоўнічаючы з шанцам і сутнасць вулічнай фатаграфіі" ад "B&H Photography".

Advertisement
Advertisement
Looking for something to help kick start your next project?
Envato Market has a range of items for sale to help get you started.